Темы

Людміла Клімянкова: ад нараджэння сельскі чалавек

“У кожнага з нас глыбока цепліцца ў сэрцы дзіўная і жыццядайная любоў да свайго краю, да сваіх родных мясцін. Як вядома, яна ўласціва не толькі чалавеку, але і ўсяму жывому да самай непрыкметнай былінкі, што цвіце пад сонцам, калышацца пад ветрам і дажджом”, — пісаў народны паэт Беларусі Максім Танк. Свая маленькая радзіма ёсць у кожнага чалавека – месца, дзе ён нарадзіўся, вырас, адкуль пайшоў у вялікі свет. Простая, звычайная, але такая мілая і дарагая яго сэрцу…

Пра малую радзіму

Дом Людмілы Клімянковай у а\г Батаева стаіць непадалёк ад дарогі, варта толькі крыху збочыць улева. Калі заглянуць сюды ўлетку, то можна ўбачыць, як ад мноства кветкавых фарбаў патанае не толькі домік, але і агародчык, які раскінуўся за ім. Зараз жа ў кветніку апошнія кусцікі хрызантэм красуюцца яркай плямай на восеньскім сонцы. Астатнія, якія ўжо адцвілі, клапатлівая гаспадыня сарвала і сабрала ў акуратныя кучкі. У кошыку стаяць чырвоныя яблыкі, водар якіх нагадвае аб тым, што на двары гаспадарыць залатая восень.
– Я ад нараджэння сельскі чалавек. З маленства ў нашай сям’і ведалі цану кавалку хлеба, сумаваць без справы ніколі і нікому не прыходзілася. Ладная гаспадарка: карова, парасяты, дамашняя птушка, участак зямлі. Дзень у вёсцы пачынаўся з першымі пеўнямі, і заканчваўся вельмі позна. Сялянскае жыццё было такім ва ўсе часы – што раней, што зараз. Бацькам даводзілася шмат працаваць, каб пракарміць нашу немаленькую сям’ю з шасці чалавек. Я з чатырох сясцёр самая малодшая. Часта дапамагалі маці, якая працавала паляводам, прыбіраць уручную буракі, лён. Жылі мы ў цяжкі пасляваенны час, калі прыходзілася адбудоўваць усё нанава, – успамінае гаспадыня.
У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма. Для Людмілы Іванаўны — гэта вёсачка Махава, якая раскінулася ў 20 кіламетрах ад Магілёва. Безумоўна, сёння яна выглядае па-іншаму, а калісьці жыццё тут проста біла ключом, шмат двароў, дзяцей, моладзі. Вельмі запомніліся ёй з дзяцінства вячоркі, калі збіраліся дварамі, каб напячы на вогнішчы бульбы.
– Пакуль прыгатуем – ледзь дачакаемся, так смачна яна пахне, а потым усе разам вячэраем. Тэлевізара не было, таму прыдумвалі сабе забавы самі: вельмі любілі гуляць у лапту, часта хадзілі ў лес па грыбы ды па ягады. Вёсачка Махава – мая радзіма, месца, дзе нарадзілася, вырасла. Калі не стала бацькоў, стала радзей наведвацца ў край дзяцінства, але кожны раз, калі прыязджаю туды, сэрца напаўняецца дабрынёй, прад вачыма пралятаюць нейкія важныя моманты. У памяці назаўжды застанецца самая дарагая сцежка да роднай хаты, дзе прайшло дзяцінства, дзе захаваліся самыя цёплыя ўспаміны. Тую сцяжынку, якая вывела мяне ў вялікі шлях жыцця, не забуду ніколі… Не менш дарагая сёння майму сэрцу Хоцімшчына – край, якому я прысвяціла адрэзак жыцця даўжынёю ў 40 год. Тут выйшла замуж, нарадзіла дзетак, тут знайшла сваё прызнанне ў любімай працы,- расказвае Людміла Іванаўна.

Пра самы дарагі скарб

Адзін мудрэц сказаў: «Даўжыню жыцця нам вымярае Бог, а шырыню ды змест — мы самі»… Людміла Клімянкова выбрала свой шлях, калі па размеркаванні пасля педінстытута прыехала на Хоцімшчыну. Запытайцеся любога пра яе, і тут жа пачуеце ў адказ: “Вельмі добры і сціплы чалавек, клапатлівая маці і жонка, мудрая настаўніца”.
Гісторыя знаёмства з будучым мужам Аляксандрам была простая, але запамінальная – пазнаёміліся ў клубе на танцах. Пераглянуліся позіркамі, зразумелі, што шмат агульнага, хутка стварылі сям’ю. Праз некаторы час з’явіўся першынец Юра, затым Іра, а потым і малодшая Алёнка. Бацькі ўсю сваю любоў і пяшчоту дарылі дзеткам, а яны раслі-падрасталі, станавіліся самастойнымі.
Вечарам уся сям’я збіралася разам. Зрабіўшы ўсе хатнія справы, маці і дзеці садзіліся за ўрокі – кожны за свае. Людміла Іванаўна пісала планы ўрокаў, правярала сшыткі, а дзеткі ведалі, што, калі нешта будзе незразумела па матэматыцы, маці-педагог заўжды патлумачыць, раскладзе ўсё па палічках. І хоць у Л.І. Клімянковай, як у любой вясковай жанчыны было нямала клопатаў, на першым месцы для яе заўжды стаялі сямейныя каштоўнасці, а самым дарагім скарбам былі дзеці і муж.
Дзеткі падраслі і выбралі кожны сваю дарогу. Юра па спецыяльнасці інжынер. Іра, як і маці, стала педагогам, сёння яна працуе дэфектолагам у карэкцыйным цэнтры. Пачынала ж Ірына Аляксандраўна свае першыя крокі ў педагагічную дзейнасць, менавіта, у Веткаўскім ВПК настаўнікам пачатковых класаў і завучам па выхаваўчай працы. Самым лепшым дарадцам у любым пытанні, будзь-то праца ці нейкі жыццёвы момант, заўжды з’яўлялася маці. Пакуль не пераехалі ў Хоцімск – жылі разам. Людміла Іванаўна дапамагала з унукамі – Сашай і Дашай.
А вось самая малодшая дачушка вырашыла асталявацца побач з Людмілай Іванаўнай, варта толькі перайсці дарогу. Насупраць, падобны нечым на бацькоўскі домік, вакол чысціня і парадак – так з дзяцінства прывучылі бацькі. Алена з мужам таксама трымаюць гаспадарку, каля якой трэба нямала пазавіхацца, тым не менш па магчымасці знаходзяць час, каб дапамагчы бацькам. Штодзённа ў госці да любімай бабулі прыбягае малодшы ўнук пяцікласнік Андрэй, якога яна частуе гасцінцамі, а калі задачку якую не атрымоўваецца рашыць яна з задавальненнем растлумачыць.
Калі ў гэтай штодзённай мітусні выпадае свабодны час, то педагог удзяляе яго чытанню гістарычных раманаў. Дарэчы, яна за актыўны лад жыцця, і паміж яздой на машыне і веласіпедзе, аддае перавагу апошняму.
– Вельмі люблю, калі збіраюцца дзеці і ўнукі. Люблю парадаваць сваіх дамачадцаў смачнай выпечкай з ягаднай начынкай. А ягадкі ўсе са свайго агарода – і маліна, і клубніцы. Калі ж захочацца піражкоў з чарніцамі ці грыбкоў – непадалёк лес, – дзеліцца мая гераіня.

Пра любімую работу

Як жанчына вырашыла стаць настаўніцай? Гэты выбар яна зрабіла яшчэ ў дзяцінстве, калі з сябрамі гуляла ў школу і ўяўляла сябе сапраўднай настаўніцай матэматыкі. На ўроках у школе, потым у педінстытуце яшчэ больш палюбіла гэту дакладную дысцыпліну і шчоўкала задачкі, як арэшкі. А вось гуманітарныя прадметы часам даводзілася завучваць. Студэнцкія гады запомніліся як самыя лепшыя: матэматыка, сябры, кіно і марожанае пламбір. Але галоўнымі крытэрамі пры выбары прафесіі, сталі любоў да матэматыкі і дзяцей. І праз шмат год уявіць сябе кімсьці іншым не атрымоўваецца – перад вачыма клас, вучні, дошка, падручнік матэматыкі. Ведаю, што строгасць – зусім не ўласцівая Людміле Іванаўне якасць, але на яе ўроках заўжды “жалезная дысцыпліна”.
– Дзеткі – заўжды лепшыя індыкатары па любых пытаннях, гледзячы на іх можна пра многае даведацца, і не толькі пра падрыхтаванасць да ўрока. А матэматыка сапраўды няпросты ўрок, не кожнаму дадзена яго разумець. Нажаль, самым хвалюючым пытаннем з’яўляецца тое, што з кожным годам у школе становіцца ўсё менш і менш дзетак. І гэта вельмі засмучае, і не толькі мяне, але і тых, хто вялікую частку жыцця прысвяціў рабоце ў Веткаўскім ВПК. А хочацца, каб наша навучальная ўстанова праіснавала як мага больш, – з настальгіяй разважае Людміла Клімянкова.
Педагог лічыць сябе сапраўды шчаслівым чалавекам. Яна любіць сваю справу і без яе не ўяўляе жыцця. Але хвалюецца, што моладзь, якая прыязджае па размеркаванні ў сельскую мясцовасць, не затрымліваецца. Зразумела, калі не хапае кадраў, працаваць больш складана. І тут жа з захапленнем зноў расказвае пра школу, успамінае, калі маладой настаўніцай пасля інстытута прыйшла выкладаць матэматыку ў сельскую мясцовасць, як доўгі час працавала завучам. Вучыла дзяцей і разам з імі вучылася сама.
Вучні Людмілы Іванаўны таксама не забываюць сваю настаўніцу. Дзякуюць пры сустрэчы на чарговых вечарах выпускнікоў, ды і так пры выпадковай сустрэчы, не толькі за ўрокі, але і за цеплыню яе сэрца. Нямногія з яе вучняў звязалі сваё жыццё з педагогікай, але для тых, хто ўсё ж вырашыў гэта зрабіць Людміла Клімянкова стала не толькі добрым дарадчыкам, але і сапраўдным сябрам. Доўгі шлях і нямалую падтрымку яна заўжды адчувала з боку былога дырэктара – Тамары Узкай, педагогаў Таццяны Напрэенка і Ніны Куляшовай. Менавіта з імі яна шмат гадоў таму назад і пачынала сваю працу.

І зноў пра радзіму…

Ідучы па жыцці са сціплай усмешкай і дабрынёй да людзей, яна самымі галоўнымі якасцямі ў людзях лічыць добразычлівасць, прыстойнасць і сумленнасць. Кожны дзень настаўніка распісаны па хвілінах: хатнія клопаты, школа і канспекты, любімая сям’я. А напрыканцы размовы зноў некалькі слоў пра край бярозавы:
– Невялікія вёскі нашы. Іх дзесяткі — у раёнах і тысячы — у краіне. Аднак жыццё кожнай з іх — гэта адбітак нашага жыцця. І хочацца, каб людзі не забывалі адкуль іх карані і панеслі ў свет праз добрыя справы назву сваёй малой радзімы, у якой заўсёды жывуць наша душа і думкі…

Вольга Зайцава

Последние новости

Актуально

Продолжается подписка на I полугодие 2025 г. на районную газету “Шлях Кастрычніка”. В Новый год со старыми друзьями!

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

В преддверии новогодних праздников в Хотимском районном ЦКРОиР прошла акция “Наши дети”

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

На Хотимщине стратовала ежегодная республиканская акция “Наши дети”

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Разговор о важном: губернатор Приднепровского края Анатолий Исаченко встретился с активом Хотимского района Хотимщины

24 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Сегодня состоялось торжественное открытие Хотимской районной центральной больницы после капитального ремонта и модернизации

24 декабря 2024
Читать новость
Происшествие

С не отработавшего по распределению выпускника осиповичского колледжа взыскали в бюджет более Br5 тыс.

24 декабря 2024
Читать новость

Рекомендуем