Темы

Прэс-тур па вёсцы Янаўка Хоцімскага раёна

Прэс-тур па вёсцы Янаўка Хоцімскага раёна

Вёска… Напэўна, у кожнага чалавека ў таямніцах душы захоўваюцца ўспаміны аб невялікім куточку, дзе па-асабліваму ўтульна, і дыхаецца лёгка, і дораг сэрцу родны парог. І хоць у такіх куточкаў зусім розныя геаграфічныя назвы — усе яны падобныя паміж сабой замілавальнымі прыроднымі пейзажамі, асаблівасцямі побыту і простымі, адкрытымі жыхарамі. Тут усе адзін аднаго ведаюць, тут прынята вітаць кожнага сустрэчнага, а да незнаёмцаў праяўляецца асаблівая цікавасць…
…Вось так было і ў Янаўцы, куды днямі накіраваліся ў прэс-тур. Калі ў іншых маланаселеных пунктах раёна нашым журналістам даводзілася пабываць некалькі разоў за год, то аб гэтай вёсачцы мы парадкам забыліся, апраўдваючы сябе тым, што яна не аддаленая, мясцовым жыхарам да райцэнтру рукой падаць, а, значыць, усе перавагі цывілізацыі ім даступныя. А як жа на самай справе?
“Ніякіх заўваг не маем, аўтакрама прыязджае па графіку, неабходныя тавары ў наяўнасці, транспартнае паведамленне наладжана, хоць кожны дзень катайся ў Хоцімск. Для поўнага шчасця толькі ўласнага фельчара не хапае», — выказваюць меркаванні вяскоўцы.

Летам сюды спяшаюцца дачнікі

Янаўку можна назваць мясцовым прыгарадам за тое, што тут пражываюць людзі і працаздольнага ўзросту, працуючыя ў Хоцімску, а яшчэ за тое, што сваёй набліжанасцю да гарпасёлка яна прываблівае дачнікаў. Вось, напрыклад, муж і жонка Саўчанкі практычна перабіраюцца сюды на ўсё лета, каб з галавой акунуцца ў сапраўднае сельскае жыццё. Тут і дапаможная гаспадарка, і агародзік, і хатнія нарыхтоўкі, і паходы ў лес за грыбамі.

Валянціна САЎЧАНКА завіхаецца па гаспадарцы

Валянціна Іванаўна не ўяўляе сваё лета ў сценах кватэры, лічыць, што на заслужаным адпачынку заседжвацца не трэба, чым больш рухаешся — тым здаравей сябе адчуваеш.
Падобнага меркавання прытрымліваецца і Анатоль Купрыянаў з Хоцімска. Калісьці набыў тут закінуты дом з невялічкай дзялянкай зямлі. Цяпер лічыць сваім абавязкам даглядаць маёмасць і падтрымліваць тэрыторыю ў належным парадку. Прысядзібны ўчастак Анатолю Філіпавічу больш патрэбны не для вырошчвання гародніны, а для размяшчэння дванаццаці сем’яў. І сапраўды працаўніцы-пчолы адчуваюць сябе тут камфортна, аб чым сведчыць іх дружалюбны настрой да гаспадара.
— Пчолы, як жанчыны, калі падысці да іх з ласкай, джаліць не будуць, — жартуе мужчына. — Таму мы з унукам можам спакойна загараць, і не хавацца ад нападу руплівых насякомых пад вопраткай.
— Даўно займаецеся развядзеннем? — пытаемся.

Пчалярства – любімы занятак Анатоля КУПРЫЯНАВА

— Гісторыя пачалася яшчэ ў 1989 годзе, калі ўзначальваў Хоцімскую ПМК. Кожнай арганізацыі было рэкамендавана стварыць якую-небудзь дапаможную гаспадарку. А ў нас у калектыве якраз працаваў прараб, які добра разбіраўся ў пчалярстве. Закупілі пчаласем’і і справа пайшла. Як зараз памятаю, мёд прадавалі насельніцтву па 2 рублі за кілаграм, — распавядае Анатоль Філіпавіч. — Да нейкага моманту справы ішлі добра, пакуль не высветлілася, што нехта псуе прадукцыю, разбаўляючы яе. Па гарпасёлку пайшла гуляць кепская пагалоска. Тады прараб прыйшоў да мяне і катэгарычна заявіў, што больш не будзе займацца вырабам мёду, бо падарваны не толькі аўтарытэт арганізацыі, а і яго асабісты.
Што ж у такім выпадку рабіць з пчоласем’ямі? Анатоль Купрыянаў разумеў, што без належнага дагляду пчалярная гаспадарка загіне, а перадаць яе каму-небудзь у карыстанне — падсудная справа. Некалькі разоў хадзіў раіцца ў пракуратуру, як лепш паступіць па закону. У выніку выкупіў раі у растэрміноўку напалам з калегам. Вось так і быў вымушаны стаць пчаляром. Затое цяпер гэтая справа — яго занятак па душы.
Да дзядулі ў памочнікі вызваўся ўнук Арцём, які старанна зграбае ля хаты скошаную траву. Хлопец — мінчанін, вырас у горадзе, але далёка не беларучка, лічыць, што да ўсяго павінен быць рацыянальны падыход, можна бавіць час у Інтэрнэце, пры гэтым не забываць пра самаадукацыю і дапамогу сям’і.
— Арцём — будучы акадэмік, — з гонарам адзначае дзядуля, — скончыў БДУ, паступіў у магістратуру па спецыяльнасці “Фатоніка”.
Магчыма, праз колькі год мы даведаемся аб новым адкрыцці Арцёма, а пакуль жа аб сваей “навуковай” распрацоўцы нам паведаміў дзядуля. Вось, напрыклад, у сёлятнім сезоне ў многіх агароднікаў ад фітафторы пацярпелі цэлыя плантацыі памідораў, а Анатоль Філіпавіч збярог свае з дапамогай сена. Заслаў ім градку, трава не расце, пры засухі вільгаць трымаецца, а пасля ліўняў засцерагае ад залішняга выпарэння. Цікава.

Для Максіма АНІЧЭНКА любая сельская праца па плячы

Цікава і тое, што жыхары Янаўкі без усякага прымусу добраўпарадкаваюць свае прылягаючыя тэрыторыі, абкошваюць, вырошчваюць кветкі.
— Навошта вы ўжо так косіце, пад нуль? — пытаемся ў мужчыны, занятага рамонтам уласнага аўтамабіля. — Як у горадзе.
— Дык самім жа прыемна, калі ля хаты чысціня, а не бур’ян. Горад, ці вёска, якая розніца, галоўнае — які ты гаспадар, — адзначае суразмоўца.
І гэта — факт. Вось, напрыклад, Максім Анічэнка, прыехаў з сям’ёй у дом, дзе калісь жылі сваякі, пагасціць на некалькі дзён. Карэнны масквіч, працуе ў паліцыі, але гледзячы на тое, як па-майстэрску варочае ручною касой, ніколі на скажаш, што ён жыхар мегаполісу пры пасадзе. Ледзь-ледзь з дарогі, а ўжо прыняўся гаспадарыць. Максім Юр’евіч прызнаўся, што прязджае сюды амаль кожны год і няма лепшага адпачынку ад паўсядзённай мітусні, чым у маленькай вёсачцы.
Ёсць у Янаўцы і маладая сям’я, у якой зусім нядаўна нарадзілася трэцяе дзіця. Кацярына і Сяргей самі выраслі ў вёсцы і не адчуваюць асобага дыскамфорту. А вось іх старэйшаму сыну, які ў верасні пойдзе ў другі клас СШ №1, не хапае зносін з аднагодкамі, з нецярпеннем чакае заканчэння канікул. Пакуль Шаўцовы пражываюць разам с маці Сяргея — Рымай Фёдараўнай, у доме, які ў свой час выдзеліла мясцовая гаспадарка, але аб паляпшэнні жыллёвых умоў задумваюцца.

Мой домік у вёсцы маленькі, але як добра ў ім…

Карэспандэнт «ШК» назірае за працай Клаўдзіі АНОЙКІНАЙ

Героі, з якімі давялося пазнаёміцца не прыезджыя дачнікі, яны вельмі доўгі час пражылі ў Янаўцы, і ведаюць пра вёску ўсё. Клаўдзія Анойкіна – адна са старажыл. На наш стук, веснічкі адчыніліся, і нас сустрэла нявестка Клаўдзіі Філіпаўны, якая ветліва праводзіла да гаспадыні. Яе саму заспелі за справай: жанчына, перабіраючы цыбулю, беражліва клала яе ў плецены кошык. Побач невялікі агародчык: памідоры, агуркі, бульба. Павітаўшыся, адразу сталі падрабязна распытваць пра жыццё-быццё. Напрыклад, успамінаў аб вайне ў жанчыны хоць і няшмат, але яны настолькі ўрэзаліся ў памяць, што і на дзевятым дзесятку часам не даюць спакою. Немцы на матацыклах, вырытыя акопы, недахоп прадуктаў харчавання, клапы, кароста… Усё гэта прыйшлося перажыць. Бацьку яна не помятае – пайшоў у армію, так і не вярнуўся. Так і засталіся з маці пасля вайны, дарэчы, сястры падчас ваенных ліхалеццяў было толькі пару тыдняў. Маці прыйшлося яшчэ і даглядаць свякроў, гэтак, як сёння Клаўдзіі Філіпаўне дапамагае і яе нявестка. Няпроста склаўся лёс жанчыны – шмат страт прыйшлося перажыць, канчаткова пахіснулася здароўе, калі не стала сына, якога калісьці прыйшлося адной паднімаць на ногі… У той час гэта было няпроста, але змагла, выстаяла, перажыла… Не пакідаюць любімую бабулю і ўнукі – яе радасць і сапраўдны гонар. Нельга не спыніцца на тым факце, што Клаўдзія Філіпаўна заўжды шмат працавала: спачатку, калі засталася без бацькі, затым расціла сына і імкнулася даць яму самае лепшае, потым рабіла ў калгасе «III Інтэрнацыянал».Трэба сказаць – за сваё жыццё яна навучылася радавацца і цаніць простыя рэчы.
– Успамінаю нашу чатырохсценку ў вёсцы Юзафоўка без вокнаў і падлогі. Для нас, малых, стала сапраўдным святам, калі ў нашым доме з’явілася звычайная падлога. Мы проста танчылі на ёй, столькі было радасці. Як аказалася – для шчасця патрэбна зусім няшмат… А недзе ў 60-м пабудавалі другі дом, у які таксама было ўкладзена нямала сіл і сродкаў, – дзеліцца гераіня.
А напрыканцы Клаўдзія Філіпаўна прызналася, што кожны дзень цікавіцца навінамі, як па тэлебачанні, так і раённую газету не забывае прачытаць. Ёй заўжды цікава, што адбываецца на яе малой радзіме і за яе межамі.
– Сям’я Аляксея Брачкова і Валянціны Анічэнка, бадай, адна з самых паказальных у вёсцы. Па-сапраўднаму цёплыя і паважлівыя адносіны адзін да аднаго. Яна да аўталаўкі за хлебам ідзе, а ён ужо спяшаецца сустрэць, каб паднесці цяжкую торбу. Неяк Мікалаеўна ў бальніцу патрапіла, дык Аляксей Мікалаевіч па некалькі разоў на дзень вазіў ёй абеды. Настолькі добразычлівыя адносіны – ёсць чаму павучыцца,- распавядае старшыня сельсавета Іна Хількевіч.
Сапраўды, ужо 31 год душа ў душу жывуць Аляксей Брачкоў і Валянціна Анічэнка. А пазнаёміліся яны, калі ўжо ў абодвух былі сем’і і дзеці. Але выпадковая сустрэча ў Крычаве, калі дзяўчына ехала здаваць бухгалтарскую справаздачу, а Аляксей Мікалаевіч – на чарговыя курсы, назаўжды звяла іх такія розныя і нечым падобныя жыццёвыя сцяжынкі ў адну. Разгаварыліся і адразу зразумелі, што паміж імі нямала агульнага, а на той час абодва страцілі свае палавінкі… Пасля душэўнай размовы ў аўтобусе, доўга не думаючы мужчына, прыйшоў на працу да сваёй выпадковай знаёмай і публічна зрабіў прапанову, ад якой яна не змагла адказацца… Для абодвух гэты шлюб стаў другім, але з абодвух бакоў падтрымалі дзеці, якія вельмі не жадалі, каб іх блізкія дажывалі век у адзіноце. Некалькі гадоў пражылі ў Хоцімску, затым пераехалі ў Янаўку, і з 1992 года пачалі ўладкоўваць былы адміністрацыйны будынак школы і ФАПа ў новы ўтульны дом.
– З малых гадоў былі абавязкі па гаспадарцы дома. Як толькі скончыў школу, перавозіў малако ў бідонах, ноччу даводзілася ездзіць, але нічога не баяўся. Пасля арміі вывучыўся на электрыка, тут жа паслалі новую лінію рабіць – зрабілі адказна. Давялося нават рабіць і ў шкодных умовах у Сяміпалацінску, сяброў маіх ужо і ў жывых няма. Што характэрна было для тых часоў – цанілі кадры, нават не адпускалі з работы, калі бачылі, што добры спецыяліст, – з захапленнем распавядае гаспадар.
Як прызналася гаспадыня, жыццё ў вёсцы сёння працякае няспешна і размерана, ні тое, што раней. Але ім сумаваць не прыходзіцца і зараз – неабходна дапамагаць дзецям, унукам і праўнукам, на перспектыву ў планах зрабіць дома рамонт. А яшчэ Валянціна Мікалаеўна любіць асвойваць сучасныя месенджэры – сцвярджае, што там нямала карыснага, але захапляцца моцна не варта. Працавітыя, дружныя, паважлівыя, добразычлівыя – шмат можна гаварыць аб іх, і толькі самае лепшае. А яшчэ гэта сапраўды станоўчы ўзор сямейных адносін, якія варта пераняць сучаснаму маладому пакаленню, якому так часта не хапае падобнай вытрымкі і павагі.
Валерый Барысенка таксама добра памятае сваю любімую вёску з даўніх часоў, калі быў яшчэ юнаком. Гэта сёння аб былых часах напамінае толькі бацькоўская хата, ды некаторыя старажылы Янаўкі. А калісьці тут было шматлюдна і жыццё, як кажуць проста кіпела.
– Каля 50 двароў, кожны трымаў гаспадарку, кароў вялікі статак быў, – з настальгіяй успамінае мужчына. – Сёння адзін брат пражывае ў Мінску, сястра – на Камчатцы, яшчэ адзін брат – у Хоцімску. Дарэчы, некалькі дзён таму гасціў брат з Мінска, сястра радзей прыязджае, але часта прызнаюцца, што родная старонка цягне іх, параз’ехаліся па свету, а карані ўсё роўна цягнуць сюды…
Аб такіх, як Валерый Андрэевіч кажуць – такога мужыка на вёсцы ўжо не адшукаеш, ён рэдкасць. Застаўся даглядаць за бацькоўскім домам, сёння жыве адзін, але і ўнутры і знадворку парадак і чысціня, каля дома красуецца некалькі непераборлівых туй. Нават ні ў кожнай гаспадыні можна назіраць такую карціну. Але для мужчыны гэта здаецца звычайным і абавязковым. А як інакш? Гэта ж тое месца, дзе прайшло ўсё яго жыццё, тут захаваны самыя дарагія сэрцу ўспаміны. А самае дарагое заўжды хочацца помніць і берагчы з асаблівай пяшчотай і цеплынёй.

Падрыхтавалі Вольга ЗАЙЦАВА і Алена БАРАВІКОВА

Последние новости

Актуально

В Хотимске прошел районный семинар по вопросам воспроизводства стада

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Продолжается подписка на I полугодие 2025 г. на районную газету “Шлях Кастрычніка”. В Новый год со старыми друзьями!

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

В преддверии новогодних праздников в Хотимском районном ЦКРОиР прошла акция “Наши дети”

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

На Хотимщине стратовала ежегодная республиканская акция “Наши дети”

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Разговор о важном: губернатор Приднепровского края Анатолий Исаченко встретился с активом Хотимского района Хотимщины

24 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Сегодня состоялось торжественное открытие Хотимской районной центральной больницы после капитального ремонта и модернизации

24 декабря 2024
Читать новость

Рекомендуем