Хучава Марыя – дыпламант Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ
30-га кастрычніка ў сэрцы нашай рэспублікі – горадзе-героі Мінску – адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ “Вы паслухайце родную мову: жаўруковаю песняй звініць…”(да 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі). Сярод вялікай колькасці работ, прадстаўленых на конкурс, які праводзіўся НАН Беларусі сумесна з часопісам “Роднае слова”, работа вучаніцы сярэдняй школы №2 г.п. Хоцімска Марыі Хучавай “Дыялектызмы ў навелах “Давыд-гарадоцкія каноны” Георгія Марчука” атрымала Дыплом ІІІ ступені. Высокую ўзнагароду і памятны падарунак Марыя атрымала з рук дырэктара Інстытута І. Л. Капылова.
Пасля ўрачыстага ўзнагароджання ўдзельнікам мерапрыемства была прадстаўлена магчымасць стаць першымі наведвальнікамі Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, афіцыйнае адкрыццё якога прызначана на 2-га лістапада. Барыс Андрэевіч Лазука, кіраўнік музея, настолькі пранікнёна, эмацыянальна расказваў пра рарытэты, прадстаўленыя ў музеі, пра гісторыю кожнага экспаната, пра пошукавую і рэстаўрацыйную работу, якая вялася і вядзецца і па сённяшні дзень, што не толькі вучні, але і настаўнікі былі ў захапленні ад экскурсіі.
Беларускамоўнае асяроддзе, у якім апынуліся ўсе ўдзельнікі мерапрыемства, безумоўна, наклала адбітак на іх настраёвасць. Па словах Марыі, душа яе таксама “жаўруковаю песняй звінела”!
Таццяна Мірошнікава, настаўнік беларускай мовы СШ №2.