У Хоцімску адбылася прэм’ера спектакля “Рамонт. Або трэцяя казка Дамавіка” па п’есе Аляксандра Аляксандрына (фота)
Фота Кацярыны Петрачэнка
Народны тэатр “Прамень” пры Хоцімскім раённым Цэнтры культуры – калектыў выбітны. Доўгі час ён быў у статусе лепшага аматарскага тэатральнага калектыву ў Магілёўскай вобласці, станавіўся прызёрам, пераможцам і лаўрэатам рэспубліканскіх фестываляў і аглядаў-конкурсаў, уключаны ў спіс самых яркіх і самабытных непрафесійных тэатральных калектываў Рэспублікі Беларусь і адзначаны ў даведачным выданні “Шлях да сцэны”. Дзе адзначана галоўная асаблівасць: пачынаючы з сярэдзіны нулявых, тэатр напрацаваў унікальны рэпертуар па п’есах хоцімскага паэта і драматурга Аляксандра Александрына. Пастаноўкі паводле яго твораў заўсёды карыстаюцца поспехам у публікі як мясцовай, так і іншагародняй. Журналісты ахрысцілі трупу пад кіраўніцтвам рэжысёра Таццяны Паседзькі як “Тэатр на трасянцы”. Выкарыстанне ў спектаклях слоў і выразаў на мясцовым дыялекце, сумесі рускай і беларускай моў, стала “фішкай” калектыву.
У Хоцімскім РЦК адбылася прэм’ера новага спектакля тэатра. П’еса «Рамонт, або трэцяя казка Дамавіка», пакладзеная ў аснову дзейства, стала завяршальнай часткай папярэдніх пастановак «Спрачка, або казка Дамавіка» і «Сюрпрыз, або новая казка Дамавіка». Такім чынам, цыкл аб прыгодах галоўных герояў – дзвюх суседскіх сем’яў і дамавікоў, якія жывуць у іх хатах, аформіўся ў паўнавартасную трылогію. Рэжысёр Таццяна Паседзька распавядае, што праца над пастаноўкай заняла самы вялікі час наконт астатніх спектакляў. Прэм’ера пераносілася не адзін раз. Цяжка было сабраць трупу на рэпетыцыі. Частка выканаўцаў працуе ў раённым Цэнтры культуры (Наталля Рамянькова, Вольга Шалганава, Віталь Нікульчанка), частка ў Хоцімскай дзіцячай школе мастацтваў (Дзяніс Шалганаў, Людміла Сапега і рэжысёр Таццяна Паседзька), аўтар п’есы і адначасова акцёр Аляксандр Александрын з’яўляецца карэспандэнтам раённай газеты, Валерый Каранкевіч – пенсіянер. І тым не менш, спектакль дабраўся да сваіх гледачоў. Галоўны крытэр ацэнкі камедыі – гэта смех у зале. А ён не змаўкаў на працягу ўсёй пастаноўкі. Значыць, прэм’ера ўдалася. І так ужо супала, што ў дзень прэм’еры 22 кастрычніка – гэта Дзень нараджэння найстарэйшага акцёра тэатра Валерыя Каранкевіча. “Я ўсё жыццё марыў сустрэць хоць адзін свой дзень нараджэння на сцэне!” – прызнаўся Валерый Міхайлавіч. У фінале спектакля гледачы павіншавалі яго апладысментамі.
Тэатр “Прамень” працягвае тварыць. Ён шукае новыя матэрыялы, новыя формы і новых акцёраў. Калектыў адчынены для любога супрацоўніцтва і запрашае ўсіх, хто адчувае ў сабе талент артыста, усіх, хто проста кахае тэатральнае мастацтва, ў свае шэрагі.
Алесь ЛЕСІН