Славутыя асобы Хоцімскага краю. Аркадзь Куляшоў
Агульнавядома, што Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерніі (цяпер – Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у сям’і вясковых настаўнікаў. Але,чытаючы ўспаміны дачкі паэта, неаднаразова заўважаем знаёмыя нам назвы: Елавец, Альшоў, Трасціно, Хоцімск. У сувязі з гэтым узнікае лагічнае пытанне: якое ж дачыненне мае Аркадзь Куляшоў да Хоцімшчаны? Зацікавіўшыся гэтым, Вольга Завадэўка і Дзмітрый Чамахуд, вучні 9-га класа СШ №2, пачалі збіраць інфармацыю, якая датычыцца сувязі народнага паэта з Хоцімскам, правялі некаторыя даследаванні. Наведваючы музей А.Куляшова ў вёсцы Новыя Саматэвічы, заўважылі, што галерэю экспанатаў адкрывае фотаздымак хаты ў Хоцімску па вуліцы Камсамольскай, 11.
Таму, менавіта з яе і пачнём. Як высветлілася, у гэтым годзе ёй споўнілася 70! Цяперашні гаспадар зрабіў ёй новы дах. Але, на жаль, нішто на вуліцы Камсамольскай (дзе і сёння стаіць хата) не нагадвае хацімчанам і гасцям Хоцімска пра народнага паэта.Таму большасць хацімчан не ведае, што калісьці тут жылі бацькі А. Куляшова.
Сталася так, што лёс знітаваў Аркадзя Куляшова з Хоцімскай зямлёй. Бацькі паэта, вясковыя настаўнікі, пасля разводу раз’ехаліся па розных школах. Тут, на Хоцімшчыне, у вёсцы Елавец, з верасня 1926 г. жыла і працавала яго маці Кацярына Ратабыльская. У пачатку 1930-х гадоў сюды з Кісялёўкі, што ў Касцюковіцкім раёне, пераехаў і бацька паэта Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў. Сям’я ўз’ядналася.
Паэт неаднаразова прыязджаў да бацькоў, калі вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме і беларускім педагагічным універсітэце. Калі стварыў уласную сям’ю, Аркадзь Аляксандравіч ужо радзей, але ўсё ж наведваўся ці то адзін, ці то з сям’ёй да родных. Тут, у вёсцы Елавец і ў гарадскім пасёлку Хоцімску, жыў ён са сваёй сям’ёй летам 1938 года.
У кнізе “Лясному рэху праўду раскажу” дачка народнага паэта, вядомая літаратуразнаўца Валянціна Куляшова піша:
– Так, напрыклад, сваю прэмію 1946 года бацька пусціў на тое, каб пабудаваць дом бацькам замест спаленага немцамі, у той час як гэтыя грошы не былі лішнімі і ў нашай сям’і, якая толькі пачынала абжывацца ў кватэры на Беларускай, 4, да таго ж чакала папаўнення. А калі ўлічыць і тое, што бацька яшчэ не ачуняў пасля хваробы, дык можна сабе ўявіць, што я не перабольшваю.
Неўзабаве сям’я дзеда перайшла ў новы дом, а будачка – маленькі часовы дамок – засталася стаяць у глыбіні саду як напамін бяды, а на будучае – сховішча для паэтаў. У гэтай будачцы любіў працаваць мой бацька, калі пасля вайны прыязджаў у Хоцімск адведаць бацькоў. Тут была напісана паэма “Новае рэчышча” і шэраг вершаў.
Знаёмства з гісторыяй дома Куляшовых-Ратабыльскіх адбылося, дзякуючы пляменніку А. Куляшова (сыну сястры Надзеі) Віталю Маслоўскаму. Вось, што ён піша: “Сядзіба, на якой збудавана хата, была прыдбана маім дзедам Куляшовым Аляксандрам Мікалаевічам яшчэ да вайны. У 1935 годзе купіў ён яе ў спадара Мікалая Смаршчкова, ураджэнца Клятнянскага раёна Бранскай вобласці. З сядзібай майму дзеду адышлі: невялікі драўляны дамок, некаторыя гаспадарчыя пабудовы і вялікі сад.
У вайну хата згарэла, а новая хата, гэты самы дом на вуліцы Камсамольскай у Хоцімску, быў пабудаваны пасля вайны. Вось з тых пасляваенных часоў і пачынаецца гісторыя новай хаты”.
У 1946 годзе А. Куляшову была прысуджана Сталінская прэмія першай ступені за паэму “Сцяг брыгады”. І ўжо ў лютым гэтага года ў лісце да бацькоў сын “прапануе грашовую дапамогу для набыцця дома, паколькі для гэтага ў яго з’явілася рэальная магчымасць. Просіць назваць неабходную суму і паведаміць адрас, куды пераслаць грошы”. Атрыманую прэмію Аркадзь Аляксандравіч патраціў на пабудову новага дома бацькам у Хоцімску, замест спаленага фашыстамі (са слоў Надзеі Аляксандраўны, сястры паэта).
“Як паэт, Аркадзь Куляшоў стварыў свой вобраз хаты, якая дае прытулак людзям, якая ўвасабляе сабой аднаўленне разбуранага вайной жыцця людзей на сваёй роднай, вызваленай зямлі. Менавіта пра гэта і быў напісаны ў тыя часы верш “Дом” (1946 г.). Мара паэта пра хату паступова збываецца. Дом будзе збудаваны.
І вось нарэшце ў 1948 годзе новая хата пабудавана, зарэгістравана і мае сваіх жыхароў, гаспадароў, якія пазначаны ў сваеасаблівым “пашпарце” хаты – дамавой кнізе. Хата была запісана на маю бабулю – Ратабыльскую Кацярыну Фамінічну 27 жніўня 1948 года” (Маслоўскі, В.І. “Я хаце абавязаны прапіскаю…” ) .
Цяпер бацькоўская хата, якую наведваў сам паэт, якая натхняла яго на творчасць, якая “бачыла і чула” паэта, вельмі сціпла затаілася ў засені акацый і ніяк не выдае сябе. Віталь Маслоўскі клапоціцца пра яе як пра сямейную рэліквію. Пад час размовы з цяперашнім гаспадаром стала зразумела, што моцна трымаюць яго глыбокія карані малой радзімы. Пацверджаннем таму служыць прыклад жыцця Віталя Іванавіча. З 50-га года мінулага стагоддзя Віталь Маслоўскі – сталічны жыхар, але кожнае лета ён праводзіць у Хоцімску, падтрымліваючы жыццё ў бабулінай хаце. Таксама Віталь Іванавіч намагаўся захаваць будачку пры канцы сада, у якой, адгарадзіўшыся ад усіх, тварыў паэт, але час яе не пашкадаваў.
Добра памятаюць на Хоцімшчыне Аркадзя Куляшова.
Быў у вёсцы Трасціно бібліятэкар-краязнаўца Міхась Ласоўскі, дзякуючы намаганням якога, у сельскай бібліятэцы сабраны кнігі з аўтографамі празаікаў і паэтаў: Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Міколы Ткачова, Пятра Прыходзькі, Івана Новікова, Кастуся Кірэенкі, Паўла Кавалёва, Івана Чыгрынава, Аляксея Русецкага, Віктара Карамазава, Аляксея Зарыцкага, Васіля Хомчанкі, Паўла Пруднікава, Івана Бурсава, Канстанціна Губарэвіча, Міколы Аўрамчыка.
Вядома, што 3 ліпеня 1972 года Аркадзь Куляшоў наведаў Трасцінскую сельскую бібліятэку. Гэта стала сапраўднай падзеяй у культурным жыцці вёскі. Вось як пра гэту сустрэчу піша сельскі бібліятэкар Міхаіл Ласоўскі: “А. Куляшоў уславіў бацькоўскі край, сваю родную Бесядзь, якая дзякуючы паэту стала вядомай ракой. Бываючы ў вёсках Елавец і Альшоў, я звярнуў асаблівую ўвагу на геаграфічныя прывязкі яго творчасці, часам задумваўся, ці не ў гэтых месцах лірычны герой А. Куляшова напаткаў дзяўчыну незвычайнай прыгажосці? Менавіта пад уплывам асалоды крынічна-празрыстай народнай паэзіі, народных звычаяў, вясельных і заручальных песень, якія аксамітамі рассыпаны ў рамантычна-ўзнёслай паэме-песні “У зялёнай дуброве”, я ў 1968 годзе звярнуўся з лістом да паэта, каб адказаў, ці не на Хоцімшчыне яна была напісана, і якія яшчэ творы былі створаны на хоцімскай зямлі?
Неўзабаве атрымаў шчыры адказ, інтуіцыя мяне не падвяла.
Незабыўнай засталася наступная сустрэча. 3 ліпеня 1972 года быў у мяне звычайным працоўным днём. У сярэдзіне дня ў бібліятэцы я расстаўляў на паліцах кнігі. Калі ж свой позірк, адарваўшы ад кніг і паліц, накіраваў на нечаканага наведвальніка, то вачам сваім не паверыў. Нават разгубіўся. Да мяне з працягнутай да поціску рукой і ўсмешкай на твары падыходзіў наш зямляк, народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў: “Атрымаў ваша пісьмо з просьбай даслаць у бібліятэку свае новыя кнігі з аўтографамі. Едучы да бацькоў у Хоцімск, вырашыў выканаць вашу просьбу і зрабіць чытачам бібліятэкі падарунак”. Сеўшы за стол, паважаны госць напісаў нам на сваіх, нядаўна выйшаўшых з друку кнігах “Сцяг брыгады” і “Сасна і бяроза” аўтографы: “Трасцінскай сельскай бібліятэцы ў дні яе 50-годдзя ад аўтара-земляка. А. Куляшоў 3 ліпеня 1972 г. Вёска Трасціно” (Ласоўскі, М. Светлая крыніца памяці ).
Але гэта сустрэча сельскага бібліятэкара з паэтам – земляком не засталася ў рамках афіцыйнасці. Сведчанне таму – радкі з верша Віктара Арцем’ева ”Міхасю Ласоўскаму на юбілей сямёрак”:
У Трасціно зачасцілі
Да асяродка культуры
Калегі-бібліятэкары
I творцы літаратуры.
Зямляк Пятро Прыходзька
Сцяжынку пралажыў.
Міхасём Аляксей Пысін
Вельмі даражыў.
3 Мінску знаёмым шляхам,
Усё кінуў-рынуў,
У Трасціно едзе
Сам Іван Чыгрынаў.
Народны паэт ад Мсціслаўя
Спяшаў у Альшоў,
Ды ў Трасціно спыніўся
Аркадзь Куляшоў.
Вядомы і такі факт: у чарговы раз наведаўшыся да Міхася Ласоўскага ў вёску Трасціно Хоцімскага раёна, Аркадзь Куляшоў, “заўважыўшы цеснату кутка, дзе месцілася сельская бібліятэка, як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, звярнуўся да кіраўнікоў сельскага савета:
– Абмяркуйце пытанне аб будаўніцтве памяшкання бібліятэкі і дашліце сваё хадайніцтва на маё імя. Я паспрабую дапамагчы, каб і ў вашай вёсцы бібліятэка была размешчана ў добрым памяшканні.
Так для бібліятэкі ў Трасціно быў адбудаваны зборнашчытавы дом, абліцаваны сілікатнай цэглай, з вадзяным атапленнем і лямпамі дзённага асвятлення” ( Ласоўскі, М. Светлая крыніца памяці) .
Цікавы яшчэ такі факт: Галіну Ласоўскую (жонку М. Ласоўскага), як і Пятра Прыходзьку, вучыла ў школе маці народнага паэта рэспублікі Аркадзя Куляшова Кацярына Ратабыльская.
З асаблівай цеплынёй расказвае пра сваю маці (хоць яна і не родная) Кацярыну Фамінічну Антаніна Пырх (Куляшова). Адзначае, што гэта мудрая жанчына ўмела атуліць усіх сваім цяплом і ласкай. Яна была не толькі для сваіх дзяцей мамай, яе вельмі любілі і школьнікі.
Зводная сястра паэта жыве ў Хоцімску. Яна былая настаўніца, зараз на заслужаным адпачынку. У Антаніны Аляксандраўны ёсць сямейны фотаархіў. Яна клапатліва захоўвае памяць пра сваю сям’ю.
Узгадваючы пра Аркадзя, Антаніна адзначае, што ён быў добрым братам і заўсёды клапаціўся пра яе, малодшую сястру. Напрыклад, калі яна вучылася ў Магілёўскім педвучылішчы, брат дапамагаў грашыма штомесяц. А яна ганарылася сваім братам і імкнулася быць годнай яго.
Трэба адзначыць і той факт, што бацькі паэта, Кацярына Ратабыльская і Аляксандр Куляшоў, пахаваны на гарадскіх могілках.Тут, на хоцімскай зямлі, яны засталіся назаўсёды…
Аднойчы прыехаўшы ў Хоцімск, бацькі Аркадзя Куляшова назаўсёды абралі для жыцця непаўторны прыбесядскі край… Хоцімшчына стала другой радзімай не толькі для іх саміх, а і для некалькіх пакаленняў роду Куляшовых-Ратабыльскіх. І свой унёсак у развіццё Хоцімска яны зрабілі задоўга да аб’яўлення Года малой радзімы.
Напрыклад, Сяргей Маслоўскі, пляменнік А. Куляшова, у свой час, займаючы пасаду ў Міністэрстве культуры Беларусі, зрабіў нямала для адкрыцця ў Хоцімску раённага краязнаўчага музея.
А што можам мы, хацімчане, зрабіць для ўшанавання памяці народнага паэта, жыццё якога воляй лёсу было звязана з Хоцімскам? Так, адна з вуліц пасёлка носіць імя паэта. У чытальнай зале раённай бібліятэкі памяці знакамітага земляка адведзены дзве палічкі… А на вуліцы Камсамольскай захавалася сапраўдная рэліквія – бацькоўскі дом паэта, пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі Аркадзя Куляшова, але мала хто пра гэта ведае.
Сярод старшакласнікаў сш №2 было праведзена анкетаванне з мэтаю прыцягнення ўвагі да асобы А.Куляшова, а таксама з мэтаю вывучэння прапаноў па захаванні памяці пра паэта і яго бацькоў.
Сярод прапаноў па захаванні памяці былі наступныя: даць больш інфармацыі пра сям’ю Аркадзя Куляшова ў раённай газеце, правесці ў школе ці ў раённай бібліятэцы сустрэчу з людзьмі, якія былі знаёмыя з сям’ёй А.Куляшова, ўстанавіць на доме, дзе жылі бацькі Аркадзя Аляксандравіча, шыльду з інфармацыяй аб былых гаспадарах дома. 6 лютага 2019 года споўніцца 105 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова, выдатнага паэта, літаратурнага крытыка, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста, грамадскага дзеяча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Ён пакінуў багатую творчую спадчыну глыбокага маральна-этычнага і эстэтычнага зместу.
Мы, хацімчане, павінны ганарыцца тым, што маем такога земляка, што хоцімская зямля натхняла народнага паэта БССР на новыя творы, што яна дала вечны прытулак бацькам Аркадзя Куляшова. Ушанаванне памяці паэта – наш святы абавязак.
Таццяна Мірошнікава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №2